СУЧАСНАЕ БЕЛАРУСКАЕ ГІТАРНАЕ МАСТАЦТВА

Успенскі К.А.

 

Кажучы пра гітарнае мастацтва, трэба зрабіць прынцыповую заўвагу. Гістарычнае развіццё гэтага інструмента прывяло да з'яўлення на працягу ХХ стагоддзя такіх яго разнавіднасцяў, якія, выкарыстоўваючыся пераважна ў джазавай, рок- і поп- музыцы, па многіх параметрах істотна адрозніваюцца ад класічнага варыянту. Гэтыя адрозненні датычацца канструкцыі корпуса, характару гучання, тэхнікі ігры і рэпертуару (строга кажучы, некаторым сучасным разнавіднасцям гітары для збавення ад блытаніны ўвогуле варта было б даць іншую назву). За дзесяцігоддзі свайго існавання гэтыя віды гітар, прайшоўшы свой асабісты шлях развіцця, спарадзілі цэлыя напрамкі ў музычным мастацтве. Прадстаўлены гэтыя напрамкі і ў нашай краіне. Аднак пры ўсім значэнні ў сучаснай культуры розных відаў масавага мастацтва, менавіта класічная, акадэмічная лінія музычнага мастацтва была і застаецца галоўнай. І ў гітарным мастацтве тая разнавіднасць гітары, якая традыцыйна мае назву «класічнай» (з усімі сваімі «класічнымі» характарыстыкамі – асабістай канструкцыяй, акустычнай прыродай гуку, нейлонавымі струнамі і спецыфічнай тэхнікай ігры), з'яўляецца асноўнай – як у выканальніцтве, так і ў сістэме адукацыі. Таму ў дадзенай працы аб'ектам даследавання паўстае мастацтва класічнай гітары ў Беларусі на сучасным этапе яго развіцця.

Даследаванні В.С. Жывалеўскага [1] даказалі тое, што гітара прынамсі два з паловай стагоддзя з'яўляецца часткай музычнай культуры беларусаў, а ў XIX – пачатку ХХ ст. яна была шырока распаўсюджана ў якасці аднаго з асноўных інструментаў аматарскага музіцыравання. З іншага боку, аднак, варта прызнаць, што пра сур'ёзную прафесійную беларускую гітарную школу да другой паловы мінулага стагоддзя казаць не даводзіцца. Увесь папярэдні гістарычны перыяд існавання гітары на беларускіх землях можна пазначыць як свайго роду перадгісторыю.

Пачатак уласна прафесійнага выканальніцтва і адукацыі ў сферы класічнай гітары прыпадае на 60-я гады ХХ ст. У гэта дзесяцігоддзе гітару пачынаюць выкладаць у Мінскім музычным вучылішчы, тым самым адкрыўшы для гітарыстаў магчымасць атрымання сістэмнай музычнай адукацыі і педагагічнай кваліфікацыі (а ў 1970-я гады адкрываюцца класы гітары і ў іншых вучылішчах рэспублікі). Паступова наспела неабходнасць выхаду навучання мастацтву ігры на класічнай гітары на вышэйшы ўзровень музычнай адукацыі. І ў 1977 г. быў адкрыты клас гітары ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага.

З пачатку 1990-х гадоў наступіў прынцыпова новы этап развіцця гітарнага мастацтва Беларусі. Калі раней яно, па сутнасці, з'яўлялася складовай, рэгіянальнай часткай савецкага гітарнага мастацтва без адменных характэрных нацыянальных рыс, то са стварэннем незалежнай беларускай дзяржавы ўзнікаюць умовы, пры якіх музыканты паступова пачынаюць усведамляць сваю нацыянальна-культурную спецыфіку. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе больш яснаму самавызначэнню беларускай гітарнай супольнасці ў якасці самастойнай нацыянальнай выканальніцкай і кампазітарскай школы. Актывізуюцца творчыя кантакты з замежнымі майстрамі ігры на гітары. Адбываецца шырокае знаёмства з разнастайным сучасным рэпертуарам, з новымі павевамі ў тэхніцы ігры. У гэты час інтэнсіўнае развіццё атрымваюць практычна ўсе аспекты гітарнага мастацтва.

У наш час беларускае гітарнае мастацтва ўяўляе сабою значную з'яву ў сучаснай музычнай культуры. Падрыхтавана цэлая плеяда яркіх выканаўцаў, існуе даволі багаты нацыянальны рэпертуар, што складаецца з арыгінальных твораў, даволі паспяхова функцыянуе адукацыйная сістэма на ўсіх узроўнях.

Са здабыццём рэспублікай незалежнасці ў беларускіх музыкантаў з'явілася магчымасць самастойна выязджаць за мяжу на міжнародныя конкурсы, і пачалася працяглая серыя шматлікіх перамог айчынных гітарыстаў на розных прэстыжных выканальніцкіх спаборніцтвах. Гэтыя конкурсныя перамогі паказваюць і даказваюць факт, які стаў відавочным, – беларускае гітарнае выканальніцкае мастацтва да цяперашняга часу заняло годнае месца ў сусветным «рэйтынгу» нацыянальных школ. Не згубіўшы характэрную «славянскую» эмацыйную глыбіню і выразнасць, нашы музыканты змаглі асвоіць лепшыя аспекты заходнееўрапейскай традыцыі, атрымаўшы ў выніку высакаякасны выканальніцкі «прадукт».

Беларуская народная музычная інтанацыя натхніла некалькі дзесяцігоддзяў таму на першы кампазітарскі вопыт маладога гітарыста В. Жывалеўскага. За мінулыя гады практычна з нуля створаны даволі багаты айчынны рэпертуар для класічнай гітары. Яго можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: п'есы, сачынённыя самімі выканаўцамі, якія не атрымалі ўласна кампазітарскую адукацыю, і творы, напісаныя для гітары прафесійнымі кампазітарамі, якія не іграюць на ёй. Першая група дзеліцца, у сваю чаргу, на канцэртныя п'есы, вылічаныя на музыкантаў з прасунутым узроўнем валодання інструментам, і п'есы, адрасованыя навучэнцам, якія толькі авалодваюць мастацтвам ігры на класічнай гітары.

Апошняя пара дзесяцігоддзяў адзначана моцным усплёскам творчай актыўнасці саміх беларускіх гітарыстаў у стварэнні шматлікага вучэбна-канцэртнага рэпертуару. І гэта не выпадкова – вядомы ж выказ Г. Берліёза пра тое, што амаль немагчыма пісаць для гітары, не валодаючы ігрой на ёй. Аднак ужо ХХ ст. паказала, што ў цесным супрацоўніцтве (хутчэй, нават сутворчасці) кампазітараў з выканаўцамі гэта ўсё ж аказваецца магчымым, больш таго – раскрываюцца зусім новыя спосабы арганізацыі музычнага матэрыялу і гукавыя і мастацкія рэсурсы самога інструмента. Уцешна, што цэлы шэраг прафесійных беларускіх кампазітараў, якія не валодаюць ігрой на класічнай гітары, у канцы ХХ – пачатку ХХI ст. натхніўся і ёй самой, і новымі магчымасцямі ва ўвасабленні сваіх задум, стварыўшы шэраг выдатных твораў як для гітары сола, так і гітары ў ансамблі. Асаблівы ўклад у беларускае гітарнае мастацтва ў гэтым плане, несумненна, належыць Галіне Гарэлавай, якая ўзбагаціла нацыянальны рэпертуар маштабнымі і мастацка каштоўнымі сачыненнямі.

Гітарнае мастацтва нашай краіны мае дастаткова ўстойлівую аснову ў адукацыйнай сістэме, што дапамагае, з аднаго боку, узнаўляць лепшыя ўзоры сусветнай і айчыннай выканальніцкіх традыцый, з іншай – раскрываць новыя творчыя гарызонты маладым талентам. На вяршыні гэтай сістэмы знаходзіцца элітарны (не пабаімся гэтага вызначэння) клас гітары ў Акадэміі музыкі. У сістэме вышэйшай адукацыі клас класічнай гітары ў цяперашні час таксама функцыянуе ў БДПУ імя М. Танка і ў БДУКІ. У сярэднім спецыяльным звяне клас гітары існуе ў большасці музычных каледжаў і каледжаў мастацтваў рэспублікі. Пачатковы ўзровень музычнай адукацыі гітарыстаў – гэта класы гітары, у першую чаргу, у сотнях ДМШМ па ўсёй краіне, а таксама ў шэрагу агульнаадукацыйных устаноў (школ і гімназій). Шырока распаўсюджана навучанне і ў шматлікіх музычных студыях (хоць у іх класічны тып гітары нярэдка суседнічае з рознымі яе разнавіднасцямі).

Разглядаючы айчыннае гітарнае мастацтва цэласна, варта падкрэсліць немалаважную ролю ў працэсе яго развіцця, якую іграюць: арганізатарская і канцэртная дзейнасць Клуба гітарыстаў Беларусі, штогадовае (з 2000 г.) выданне альманаха «Беларуская гітара», Міжнародны конкурс кампазітараў на лепшае гітарнае сачыненне і апрацоўку народнай тэмы «Сем нот – шэсць струн», а таксама правядзенне на працягу амаль дваццаці гадоў Міжнароднага фэсту, а потым і конкурсу «Рэнесанс гітары» ў г. Гомелі. У працягу тэмы конкурсаў адзначым і важнасць для далейшага самастойнага развіцця гітары ў нашай рэспубліцы з'яўлення ў апошнія некалькі гадоў такіх выканальніцкіх спаборніцтваў, як Мінскі адкрыты конкурс юных выканаўцаў на класічнай гітары і Адкрыты конкурс выканаўцаў на класічнай гітары «Віват, гітара!» у г. Магілёве.

Нельга не крануць і адной даволі сур'ёзнай праблемы: варта канстатаваць практычна поўную адсутнасць плённага і грунтоўнага абмеркавання ў гітарнай супольнасці Беларусі рознага роду тэарэтычных, педагагічных, метадычных, выканальніцкіх пытанняў у рамках навукова-практычных семінараў і канферэнцый. Дагэтуль не заўважана пакуль і цікавасць да гітарнай музыкі і гітарнай праблематыкі ў цэлым з боку айчынных музыкаведаў. У наяўнасці відавочны недахоп навукова-даследніцкай рэфлексіі над рознымі аспектамі беларускага гітарнага мастацтва.

І ўсё ж можна з упэўненасцю абгрунтавана сцвярджаць, што за больш чым паўвекавую гісторыю развіцця прафесійнага гітарнага мастацтва ў нашай краіне склалася паўнавартасная нацыянальная выканальніцкая і кампазітарская школа, а таксама дастаткова паспяхова функцыянуе сістэма музычнай адукацыі гітарыстаў. Мяркуем, што яшчэ нераскрытая частка патэнцыялу гэтай школы вельмі значная і шматспадзеўная, і ў будучыні нас чакаюць новыя яркія і цікавыя выканальніцкія, кампазітарскія, педагагічныя і метадычныя адкрыцці і дасягненні.

 
Спіс выкарастаных крыніц
  1. Жывалеўскі, В. С. // Лютня і гітара на беларускіх землях : вучэб. дапам. / В. С. Жывалеўскі ; уводз. К. А. Успенскага. – Мінск : Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2015. – 130 с.

 

Артыкул апублікаваны ў наступным выданні:

Искусство и личность : материалы III междунар. науч.-практ. конф., Минск, 27 мая 2015 г. / Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка ; редкол.: Т. С. Богданова (отв. ред.) [и др.]. – Минск : БГПУ, 2015. – 1 электрон. опт. диск (CD-ROM).

Сайт работает на движке BlogEngine.Net
Дизайн: Mads Kristensen, Mooglegiant
Copyright © 2009-2022 Гитара.By
Создание и поддержка сайта:
Татьяна и Алексей Отрадновы
Создание и поддержка форума:
Павел Киевлякис, Сергей Буров
Статьи и интервью:
Ольга Киевлякис, Максим Цеханович